штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.